ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў і сплаваў, сукупнасць аперацый пластычнай дэфармацыі, нагрэву і ахаладжэння, у выніку якіх канчатковая структура і ўласцівасці матэрыялу фарміруюцца з вял. колькасцю дэфектаў у крышталях (пераважна дыслакацый); адзін з асн. спосабаў павышэння трываласці канструкцыйных металаў і сплаваў. Бывае высока- і нізкатэмпературная.
Высокатэмпературная Т.а. — гарачая апрацоўка ціскам (коўка, пракатка і інш.) у межах т-р устойлівасці аўстэніту з неадкладным ахаладжэннем для папярэджання яго рэкрышталізацыі; нізкатэмпературная — дэфармацыя ў межах т-р няўстойлівасці аўстэніту і ніжэй за т-ру яго рэкрышталізацыі. З такога аўстэніту пры далейшай загартоўцы атрымліваецца мартэнсіт з асаблівай будовай, якая забяспечвае вельмі высокае супраціўленне разрыву (мяжу трываласці). Т.а. старэючых сплаваў (алюмініевых, медных, нікелевых і інш.) робяць халоднай пластычнай дэфармацыяй пасля загартоўкі, але перад штучным старэннем металаў.
Літ.:
Шаврин О.И. Технология и оборудование термомеханической обработки деталей машин. М., 1983.
А.П.Ласкаўнёў.
т. 16, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)